Алімпіяда — найбольш масавая форма пазакласнай работы вучняў. Асноўная задача гэтага мерапрыемства заключаецца ў тым, каб актывізаваць увесь працэс навучання роднай мове, павысіць вашы веды, абудзіць цікавасць да самастойнага вывучэння раздзелаў курса, да чытання навукова-папулярнай лінгвістычнай літаратуры, працы са слоўнікамі, даведачнымі дапаможнікамі і інш. Акрамя гэтага, удзел і добрая выступленне на алімпіядах значна дапамагаюць у падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, а перамога на абласным этапе алімпіяды дазваляе паступаць увогуле без цэнтралізаванага тэсціравання па мове!
Алімпіяда праводзіцца ў чатыры туры: школьны (IV—XІ класы), раённы, абласны і рэспубліканскі (ІХ—XІ класы). Школьны тур праводзіцца ў першай чвэрці, раённы—у пачатку ІІ чв., абласны – на зімовых канікулах і рэспубліканскі — на вясновых канікулах. Кожны тур мае некалькі конкурсаў: комплексная работа па мове і літаратуры, вуснае выказванне, сачыненне-водгук на літаратурны твор.
Лінгвістычны тур выяўляе ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў па тэорыі беларускай мовы, іх уменні прымяняць веды на практыцы. Змест, складанасць і характар заданняў у асноўным абумоўлены школьнай праграмай па мове. Адны з іх такія ж, як і ў падручніках, напрыклад: вызначыць колькасць гукаў і літар у словах, і падабраць сінонімы (антонімы) да слоў, зрабіць марфемны і словаўтваральны аналіз слоў, пабудаваць словазлучэнні і сказы, скласці схемы сказаў, разабраць сказы па членах сказа і г. д. Для выканання іх дастаткова добрага ведання праграмнага матэрыялу. Іншыя разлічаны на больш высокае інтэлектуальнае развіццё вучняў, іх кемлівасць, уменне разважаць, аналізаваць, супастаўляць моўныя з'явы і факты, рабіць абагульненні і вывады. Напрыклад: назваць асабовыя займеннікі, якія маюць значэнне любога роду; знайсці корань у беларускіх назвах месяцаў і растлумачыць паходжанне гэтых назваў; запісаць загадкі, у якіх ёсць лічэбнікі; запісаць два словы, у якіх гукаў у два разы больш, чым літар, і два словы, у якіх літар на дзве больш, чым гукаў, знайсці сінтаксічную інтэрферэнцыю ў сказах і інш. Трэба адзначыць, што з кожным годам заданні на алімпіядах становяцца ўсё больш складанымі. Яны ахопліваюць усе раздзелы школьнай праграмы і нават выходзяць далёка за яе рамкі.
Калі вы вырашылі прымаць удзел у алімпіядах, ставіцца да гэтага трэба адказна!