Абавязак кожнага адукаванага чалавека — ведаць дзяржаўную мову той краіны, у якой ён жыве. Сучасная агульнаадукацыйная школа і павінна справіцца з гэтай складанай задачай, якая патрабуе новых падыходаў да выкладання беларускай мовы з павялічанаю ўвагаю да суб'екта навучання, што жыве ў рэальных абставінах інтэрферэнцыі (узаемапранікнення) дзвюх блізкароднасных моў.
З рускай мовай сучасныя школьнікі сустракаюцца значна часцей. Гэта і выкладанне большасці прадметаў на рускай мове, нават у беларускамоўных школах, і сродкі масавай інфармацыі, дзе руская мова гучыць часцей, і інтэрнэт, які “зацягнуў” сучасных вучняў у сваю “павуціну”. Беларускамоўны слоўнікавы запас школьнікаў (дарослых людзей таксама, пра што сведчыць хаця б і тая ж папулярная гульня канала АНТ “Адзін супраць усіх”) збядняецца хуткімі тэмпамі, бо тое, што рэдка выкарыстоўваеш у практыцы, хутчэй забываецца.
Таму для сябе адну з важнейшых задач бачу ў тым, каб штодзённную работу з вучнямі па засваенні фанетычных, марфалагічных, сінтаксічных і іншых нормаў маўлення зрабіць не сумнай і звычайнай, а радаснай і цікавай.