Алімпіяды


Прадметныя алімпіяды — гэта від адукацыйнай дзейнасці, па выніковасці якой мяркуюць пра якасць работы школы і настаўніка. Падрыхтаваць вучняў да ўдзелу ў алімпіядзе — справа гонару кожнага настаўніка.

Заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяды павінны быць прадуманымі і сістэмнымі. Звычайны набор алімпіядных заданняў не заўсёды падыходзіць. Падрыхтоўку трэба пачынаць з простых пытанняў, бо за складанасцю рашэння можа згубіцца сутнасць моўнай з'явы. Заданні павышанай складанасці ўключаюцца ўжо на заключным этапе падрыхтоўкі да алімпіяды. На пачатковым этапе трэба арганізоўваць работу такім чынам, каб матэрыял быў простым, зразумелым і ў той жа час пазнавальным, садзейнічаў развіццю комплекснага лінгвістычнага мыслення.

Вучань-алімпіяднік абавязкова павінен ведаць тэорыю школьнай праграмы. Акрамя тэарэтычных пытанняў, асаблівую ўвагу варта ўдзяляць практычным работам, якія дапамогуць сістэматызаваць тэарэтычныя веды, набыць трывалыя лінгвістычныя навыкі, удасканаляць уменне вучняў правільна дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі, абгрунтоўваць сваю пазіцыю, прыводзіць неабходныя аргументы і факты. Як паказвае практыка, толькі мэтанакіраваная, сістэмная падрыхтоўка дапамагае асэнсаваць складаныя моўныя з’явы, дакрануцца да таямніц слова, усвядоміць сябе неад’емнай часткай нацыянальнай культурнай прасторы.


Прапаноўваецца набор алімпіядных заданняў, якія накіраваны на выпрацоўку ўменняў і навыкаў комплекснага падыходу да рашэння адукацыйных задач, павышэнне культуралагічнай кампетэнтнасці вучняў і развіццё іх умення вызначаць тэматыку і праблематыку твораў.