Дыдактычныя матэрыялы


Дыдактычны матэрыял на ўроках мовы і факультатывах — гэта галоўны сродак арганізацыі змястоўных і цікавых заняткаў. Сістэмны і дзейсны эфект урока дасягаецца за кошт спецыяльным чынам арганізаванай вучэбнай дзейнасці як дзейнасці пошукавай, пазнавальна-актыўнай, заснаванай на вырашэнні супярэчнасцей у працэсе прадметна арыентаванага суразмоўніцтва. Пазнавальная актыўнасць праяўляецца тады, калі вучань адчувае патрэбу рашыць тую ці іншую моўную задачу і ўмее свабодна карыстацца рознымі спосабамі рашэння такіх задач, выказваць сваё разуменне і бачанне аб'екта, рабіць самастойныя вывады. Рашэнню такіх задач садзейнічае сістэма дыдактычных матэрыялаў, падабраных да тэмы ўрока. Матэрыял уяўляе сабой разнастайныя практыкаванні, якія дазваляюць аналізаваць, супастаўляць, параўноўваць, рабіць вывады па той ці іншай тэме. Прапанаваны матэрыял дасць магчымасць вучням праверыць на практыцы тэарэтычныя веды, будзе спрыяць удумлівай і мэтанакіраванай працы вучняў, дапаможа больш эфектыўна выяўляць уменні да самастойных пошукаў, павысіць цікавасць да прадмета. Фарміраванне моўнай кампетэнцыі адбываецца не праз запамінанне правіла, прад'яўленага ў гатовым выглядзе, а праз актывізацыю дзейнасці, накіраванай на ўсведамленне законаў пісьма, пунктуацыйнага афармлення сказаў, выбару лексічных сродкаў і інш.. У актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вялікая роля належыць займальнаму матэрыялу, прэзентацыі настаўнікам лінгвістычных тэрмінаў, сумеснаму высвятленню семантыкі ў працэсе суразмоўніцтва, назіранню за моўнымі з’явамі. Таму мэтазгодна падбіраць дыдактычны матэрыял такім чынам, каб ён утрымліваў элементы займальнасці, быў зразумелы і даступны вучняў, выклікаў цікавасць. Такая праца напаўняе пазнавальную дзейнасць сэнсам: школьнікі ўсведамляюць неабходнасць вывучэння прапанаванага матэрыялу, што істотна павышае матывацыю і пазнавальную актыўнасць, садзейнічае фарміраванню лінгвістычнага мыслення. Сапраўды, нішто так не зніжае пазнавальную актыўнасць, як скептычнае: "А дзеля чаго мне патрэбна гэта ведаць?" Пазнавальны інтарэс высвятляе новае ў вядомым.

Урок беларускай мовы стане цікавым і змястоўным, калі настаўнік будзе выбіраць такія формы, метады і прыёмы работы, якія садзейнічаюць актыўнаму ўдзелу вучня ў пазнавальным працэсе. Дыдактычны матэрыял можа быць выкарыстаны для арганізацыі работы не толькі ў 11 класе, ён разлічаны на розную ступень падрыхтаванасці вучняў. Матэрыял дае магчымасць арганізоўваць розныя віды дзейнасці: калектыўную, індывідуальную, групавую формы работы.

Дыдактычны матэрыял дасць вучням урокі павагі і пашаны да гісторыі і культуры народа, любові да роднай зямлі, урокі чалавечнасці і дабрыні.