Сённяшні свет іншы. Камп’ютар, планшэт, смартфон і тэлевізар адабралі ў дзяцей час і жаданне чытаць. Лексічны запас вучняў з кожным годам усё больш зніжаецца.
Перад настаўнікамі-славеснікамі востра стаіць пытанне: як падтрымліваць цікавасць да чытання? Асабліва да чытання твораў беларускай літаратуры. Чытацкая кампетэнтнасць – гэта неабходныя веды, уменні і навыкі, якія дазваляюць свабодна арыентавацца ў разнастайнасці кніг, твораў, бібліяграфіі. Як выхаваць чытацкую кампетэнтнасць, сфарміраваць пазітыўныя адносіны да чытання і падтрымліваць іх.
Выйсце бачыцца ў арганізацыі не толькі вучэбнай, а і пазакласнай дзейнасці па прадмеце. Пазакласная дзейнасць з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу, гэта адна з форм работы з вучнямі. Яна садзейнічае развіццю чытацкага інтарэсу, паглыбленню атрыманых ведаў, раскрыццю індывідуальных схільнасцей кожнага вучня, развіццю самастойнасці, творчай актыўнасці вучняў.