Тэсты


У апошнія гады ў якасці формы праверкі і кантролю ведаў на падагульняльных занятках, заліках і экзаменах тэсты сталі абавязковымі.

Звычайна тэсты ўяўляюць з сябе стандартныя пытанні і заданні, па выніках якіх можна меркаваць пра тэарэтычныя веды, практычныя навыкі і ўменні тых, каго тэстуюць. У адрозненне ад традыцыйных практыкаванняў і заданняў, тэсты прадугледжваюць некалькі магчымых адказаў, толькі адзін або некалькі правільны. Той, хто тэстуецца, такім чынам, павінен прагледзець усе варыянты адказаў і выбраць з іх правільны.

Прадугледжваецца, што такая форма працы павінна павышаць цікавасць да вывучэння мовы, павялічваць вучнёўскую адказнасць, садзейнічаць фарміраванню і замацаванню ў грамадстве высокай культуры маўлення, што з’яўляецца састаўной часткай і паказчыкам агульнай культуры чалавека, а таксама спрыяць імкненню да ведаў, разуменню неабходнасці авалодвання ўсімі пытаннямі курса. На сённяшні дзень гэта, мабыць, самае цяжкае: выхаваць у навучэнцаў такую ступень адказнасці, сур’ёзнасці, свядомасці ў падыходзе да вывучэння, каб яна забяспечвала гэты высокі ўзровень.

Пачынаць падрыхтоўку да ЦТ у 11 класе — праца няўдзячная і беспаспяховая. Толькі трывалыя базавыя веды, набытыя ў сярэднім звяне, даюць добры вынік падчас работы па падрыхтоўцы да ЦТ. З мэтай такой падрыхтоўкі рэгулярна на ўроках трэба правяраць сябе на розных відах тэсціравання!

Па характары тэсты могуць быць самымі рознымі: трэніровачнымі, кантрольнымі, самакантрольнымі, папераджальнымі, апытальнымі і інш. Пры дапамозе тэстаў можна адпрацоўваюць асобную тэму, раздзел, напрыклад, марфеміку. Ніжэй прадстаўлены розныя варыянты тэстаў. Карыстайцеся, правярайце сябе.

Поспехаў!